Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 17 кастрычніка 2007 г. выпускае ў абарачэнне срэбную памятную манету "Крыж Еўфрасінні Полацкай" наміналам 1000 рублёў, пробай сплаву 925, масай 1083,80 г, дыяметрам 100,00 мм.
Манета мае форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – выступаючы кант па акружнасці. Бакавая паверхня рыфлёная, перарывістая, на гладкай паверхні ўказаны індывідуальны нумар манеты.
На пярэднім баку манеты размешчаны: у цэнтры – выява Спаса-Праабражэнскай царквы, якая была заснавана святой Еўфрасінняй Полацкай; пад ёй надпіс: СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЯ ЦАРКВА; злева – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, пад ім – у два радкі надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, унізе – проба сплаву; справа – намінал манеты 1000 РУБЛЁЎ, пад ім указаны год чаканкі.
На адваротным баку манеты размешчаны: рэльефная выява Крыжа Еўфрасінні Полацкай, пакрытая золатам і ўпрыгожаная штучнымі рознакаляровымі камянямі; злева і справа ад выявы Крыжа – вертыкальныя надпісы: КРЫЖ ЕЎФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ 1161.
Манета адчаканена якасцю "пруф-лайк". Тыраж манеты – 2000 штук.
Памятная манета, выпушчаная ў абарачэнне, з’яўляецца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.